МІТАТЫ́ЧНЫ АПАРА́Т,
часовая структура з кампанентаў клеткі, якая дзеліцца. Ажыццяўляе рух храмасом да полюсаў клеткі і забяспечвае іх раўнамернае размеркаванне паміж даччынымі клеткамі. Мае ў сабе цэнтрыёлі з цэнтрасферамі і верацяно дзялення. Бялкі М.а. (пераважна рыбануклеапратэіды) валодаюць скарачальнымі ўласцівасцямі і па амінакіслотным складзе падобныя да бялкоў мышцаў. Утварэнне пачынаецца ў прафазе мітозу і заканчваецца ў метафазе, разбурэнне — у анафазе. Пашкоджанне М.а. прыводзіць да паталогіі мітозу. Адрозніваюць М.а. астральны (у жывёльных клетках) і анастральны (у раслінных клетках).
А.С.Леанцюк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)